Унікальны музей

Унікальная гістарычная тэрыторыя павінна мець такія месцы, дзе б жыхар горада ці турыст змаглі б адчуць подых гісторыі. У гэтым плане цікавай і своечасовай стала стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Яна адкрылася ў маі 1998 г. у помніку архітэктуры XVII ст. — Доміку Пятра I. Экспазіцыя створана паводле каштоўнага і змястоўнага музейнага помніка 1910 г. — «Путеводителя по городу Полоцку», выдадзенага ў Полацку з нагоды перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева, і з'яўляецца першай на Беларусі і адзінай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі адной вуліцы на пэўны адрэзак часу (1910).

Экспазіцыя распавядае пра гісторыю вуліцы Ніжне-Пакроўскай, пра людзей, якія на гэтай вуліцы жылі, пра пабудовы і ўстановы, што знаходзіліся тут у той час.

Экспазіцыйная плошча складае 110 квадратных метраў. Экспануюцца 196 музейных прадметаў.

Назва вуліцы — Ніжне-Пакроўская — з'явілася пасля таго, як у 1781 г. у канцы былой вуліцы Вялікай была пабудавана Пакроўская царква. V канцы XVIII ст. на карце Полацка, ніжэй і вышэй храма выцягнуліся ў напрамку да старажытнай Сафіі, паралельна Заходняй Дзвіне, Верхне-Пакроўская і Ніжне-Пакроўская вуліцы. Царква згарэла падчас вялікага полацкага пажару ў маі 1900 г. Некалькі разоў рабіліся захады па аднаўленню храма. Толькі ў
кастрычніку 2004 г. палачанам удалося здзейсніць задуманае. Пакроўская царква зноў існуе, і вуліца на беразе Дзвіны таксама вярнула сабе сваю былую назву.