Падведзены вынікі навуковай дзейнасці супрацоўнікаў Краязнаўчага музея ў 2012 г.

27-28 лютага 2013 г. адбылася справаздачная канферэнцыя па вынiках навукова-даследчай работы супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў 2012 г. У першы дзень работы канферэнцыі свае даклады прадставілі супрацоўнікі Краязнаўчага музея.

“Да пытання аб пачатковай адукацыі яўрэяў Полацка ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст.” у сваёй працы звярнулася загадчыца музея І.П.Воднева. Цікавыя звесткі архіўных дакументаў аб працы мясцовых яўрэйскіх адукацыйных устаноў былі пададзены ў кантэксце палітыкі расійскага ўрада ў дачыненні да нацыянальнай яўрэйскай адукацыі.

Асаблівасці “Яўрэйскай адукацыі ў Полацку ў 1919-1926 гг.” акрэсліла старшы навуковы супрацоўнік музея Н.І.Нямчынская. У выступленні даследчыца разгледзела праблемы стварэння яўрэйскіх савецкіх школ, шляхі іх вырашэння, а таксама адзначыла асобныя аспекты працы яўрэйскіх дашкольных устаноў у абраны перыяд.

У рабоце канферэнцыі з дэбютным выступленнем “Грамадска-палітычнае жыццё Полацка ў 1772-1792 гг.” прыняла ўдзел старшы навуковы супрацоўнік музея К.Г.Майсеёнак. Малады супрацоўнік адзначыла важкасць свайго даследавання і магчымасці практычнага прымянення вынікаў працы ў музейнай дзейнасці.

Выступленне калектыва Краязнаўчага музея завяршыла С.В.Гаўрылава, спыніўшыся на “Асноўных кірунках аднаўлення і развіцця г. Полацка ў 1944-1954 гг. Гандаль і грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка, транспарт”. У аснову працы пакладзены не толькі архіўныя дакументы, але і ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў аднаўленчых мерапрыемстваў пасляваеннага перыяду.

46