Легендарнае “вяселле” ў Краязнаўчым музеі

На апошнім тыдні верасня надвор’е спрыяла прагулкам, і вучні чацвёртых класаў полацкіх школ скарысталі магчымасць, каб наведаць старэйшы музей Полацка. Краязнаўчы музей з радасцю прымаў сваіх маленькіх наведвальнікаў пасля летняга перапынку. Першы ў гэтым навучальным годзе музейна-педагагічны занятак быў прысвечаны легендарнай палачанцы, якая за сваё жыццё атрымала тры імені. Супрацоўнікі музея распавялі дзецям летапісную легенду аб “крывавым вяселлі” Рагнеды і наўгародскага князя Уладзіміра. Голас вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова стварыў на сустрэчы таямнічую атмасферу. Аповед пераканаў слухачоў, што не толькі Полацк у сучаснай Беларусі мае больш чым тысячагадовую гісторыю, а памяць пра мужную палачанку захоўваюць не толькі палачане. Доказ таму - паданне пра Рагнедзіну гару ў сучасным Заслаўі. Першая вядомая беларуская манашка, першая беларуская бібліятэка, першая школа – усё гэта звязана з імем Рагнеды і яе сына Ізяслава. Напрыканцы занятка чацвёртакласнікі змаглі адчуць сябе вучнямі старажытнай школы і паспрабавалі пісаць па васковай дошчачцы пісалам.

40