Славуты князь Полацкай зямлі

Наша гісторыя насычана не толькі славутымі падзеямі, але і славутымі асобамі. Адной з такіх быў полацкі князь Усяслаў Брачыславіч па прозвішчы Чарадзей.

Якую таямніцу скрывае яго імя? Чаму пра полацкага князя складалі быліны і паданні? Чаму пра яго памятаюць нават праз тысячагоддзе? Адказы на гэтыя пытанні атрымалі вучні полацкіх школ на музейна-педагагічных занятках, якія прайшлі на мінулым тыдні ў Краязнаўчым музеі. Дзеці ўбачылі, як выглядаў іх родны горад у часы Усяслава, «дакрануліся» да полацкай гісторыі праз музейныя прадметы. З відэафільма вучні даведаліся пра вялікую бітву на Нямізе і доўгае вяртанне князя Чарадзея на сваю Радзіму.

Напрыканцы занятку чацвёртакласнікі з захапленнем «выпраўлялі памылкі» на старонках старажытнага Полацкага летапісу.