Да пабачэння, Ноўгарад!


Болей за 6 тыдняў у выставачнай зале Краязнаўчага музея ўсе жадаючыя маглі пазнаёміцца з цікавай выстаўкай „Аргонавты Средневековья“. Той, хто наведаў музей у гэтыя дні, з цікавасцю даведаўся пра найбольш яркія моманты з жыцця вікінгаў і іх уплыў на культуру нашай зямлі.

У кнізе водгукаў і палачане, і госці горада з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска і іншых месцаў адзначылі, што экспанаты з фондаў Полацкага музея-запаведніка і лёгкія для ўспрымання матэрыялы постараў наўгародскіх калег далі магчымасць „связать воедино отдельные крупицы ранее полученных знаний“, „прикоснуться к древней истории“, „окунуться в бескрайний мир и культуру северных народов“.

Найбольш актыўнымі наведвальнікамі выстаўкі былі вучні сш №18 г. Полацка, якія прыйшлі на тэматычныя экскурсіі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі музея. Сярод наведвальнікаў былі і студэнты ПДУ, якім вельмі спадабалася „шукаць“ варажскія скарбы і „падарожнічаць“ на дракарах.
На выставачнай пляцоўцы прайшло некалькі музейна-педагагічных заняткаў для вучняў 2-х класаў.

Дзеці, іх бацькі і настаўнікі мелі магчымасць не толькі паслухаць экскурсавода, але і практычна замацаваць атрыманыя веды, адказаўшы на пытанні рунічнага камня, а таксама пераапрануцца ў князя. Сярод наведвальнікаў былі і такія, каго таямнічы свет вікінгаў не пакідаў і дома. І доказам гэтага былі дзіцячыя малюнкі, якія бацькі прыносілі ў Краязнаўчы музей пасля наведвання.

Адзін з палачан у кнізе водгукаў пакінуў запіс, у якім выказаў спадзяванне, што гэта была не апошняя выстаўка з Ноўгарада. На гэта спадзяюцца і супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка.