«Прагулка па Ніжне-Пакроўскай»: да 25-годдзя стварэння музея

У 2023 годзе спаўняецца 25 год са дня адкрыцця першай экспазіцыі стацыянарнай выставы «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», якая размешчана ў так званым Доміку Пятра І. Дакладна невядома, хто пабудаваў гэты дом і каму першапачаткова ён належаў. Яшчэ ў першай палове ХVІІ ст. на месцы сучаснай камяніцы знаходзіўся драўляны будынак – пабудова на невысокім каменным цокалі з прасторным склепам. Хутчэй за ўсё падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) будынак вельмі пацярпеў ад пажару, а ў 1692 годзе быў адбудаваны ўжо з цэглы. На жаль, да сённяшняга дня не дайшлі першапачатковыя чарцяжы будынка і праекты яго перабудоў.

Да гэтага часу не выяўлена і прамых дакументальных пацвержанняў, што менавіта ў гэтым будынку спыняўся рускі цар Пётр І падчас Паўночнай вайны. Хутчэй за ўсё стварэнне гэтай легенды належыць езуітам, якія жадалі набыць прыхільнасць Кацярыны ІІ (яна наведала Полацк у 1780 годзе). На франтоне заходняга фасада манахі ўсталявалі алебастравую дошку з выявамі двух анёлаў, якія трымалі шырокую стужку з тэкстам, што паведамляў пра знаходжанне Пятра ў Полацку ў дадзеным будынку.

На працягу XVIII–XIX стагоддзяў Домік Пятра І неаднаразова змяняў сваіх уладальнікаў. Сярод іх: І. Сінебутаў, Л. Штэрес, В. Сабалеўскі, А. Камянкоў, В. Рульковіус і інш. У 1902 годзе ў самім будынку і драўлянай пабудове, якая знаходзілася побач, размясцілася жаночае пяцікласнае вучылішча, але колькі яно праіснавала – невядома. Да 1917 года Домік належаў вядомаму полацкаму банкіру Беньяміну Баркану, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нейкі час пуставаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны фасады Доміка былі пашкоджаны снарадамі і моцна пабіты асколкамі, пацярпелі таксама інтэр’еры ўнутры будынка. У першыя пасляваенныя гады ў падвальных памяшканнях была паслана драўляная падлога і ўладкаваны аптэчны склад, а непасрэдна ў самім Доміку – добраўпарадкаваны кватэры з асобнымі ўваходамі, прызначаныя для працаўнікоў сувязі.

У 1946 годзе ў Полацку было паднята пытанне аб аднаўленні краязнаўчага музея, нават разглядаўся варыянт размяшчэння пастаяннай экпазіцыі ў будынку Доміка. Але ж у 1948 годзе ў ім адкрылася дзіцячая бібліятэка імя Л. М. Талстога.

Нарэшце з 1998 года тут знаходзіцца адзін з філіялаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На аснове тэксту брашуры «Даведнік па горадзе Полацку 1910 г.» была створана і адкрыта музейная экспазіцыя «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Творчая група ў складзе Т. А. Джумантаевай, Л. В. Ластачкінай, В. Д. Краско, Г. М. Раманенкавай, А. А. Ушаковай распрацавала канцэпцыю і тэматыка-экспазіцыйны план будучай стацыянарнай выставы, мэтай якой стала знаёмства наведвальнікаў музея з гісторыяй горада Полацка пачатку ХХ стагоддзя. Было вырашана прадставіць шэсць тэматычных комплексаў: дом гарадскога галавы Мікалая Осіпавіча Ласковіча, жаночую гімназію, гарадскі грамадскі банк, гандлёвую краму Беркі Мінца, заезджы дом Довіда Арлееўскага і аптэку Гіршы Баярынблюма. Мастацкае рашэнне музея падрыхтаваў і ўвасобіў у жыццё мінскі мастак У. І. Галеба.

З 2008 па 2012 год была зроблена рээкспазіцыя музея, узноўлены інтэр’еры будынкаў, якія размяшчаліся па вуліцы Ніжне-Пакроўскай на пачатку ХХ стагоддзя. У лістападзе 2012 года пачала працаваць абноўленая музейная экспазіцыя (аўтар абноўленай навуковай канцэпцыі І. П. Воднева), а ўрачыстае яе адкрыццё адбылося 18 красавіка 2013 года ў Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Рамонтныя работы праводзіліся будаўнічай арганізацыяй ААТ «Аддзелачнік-28» пад кіраўніцтвам Г. М. Зайцава, дызайн і мастацкае афармленне было выканана ТДА «Мастак-сэрвіс» на чале з І. М. Рудэнем.

На сённяшні дзень на базе музея праводзяцца экскурсіі і разнастайныя музейна-педагагічныя заняткі, якія знаёмяць палачан і гасцей горада з гісторыяй Полацка. Прастора музея, яго цокальны паверх і ўнутраны дворык не раз станавіліся месцам правядзення агульнагарадскіх свят, выступленняў тэатральных калектываў, зменных выстаў. Наперадзе ў музейшчыкаў шмат планаў, няхай яны ўсе збудуцца.