Спасцігаючы багацце гісторыі Полацка

Стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (Домік Пятра І) у рамках рэалізацыі Праграмы развіцця адукацыйнага турызму працягвае сваё супрацоўніцтва з УА «Сярэдняя школа №1 г. Полацка». Навучэнцы 4 «А» класа з класным кіраўніком Нікалаенак Марынай Міхайлаўнай наведалі шэраг мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем гісторыі горада Полацка.

На першай сустрэчы чацвёракласнікі пазнаёміліся з культавымі і грамадзянскімі пабудовамі, размешчанымі на найстарэйшай вуліцы горада, наведаўшы музейна-педагагічны занятак «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Вучні зацікавіліся асаблівасцямі працы ў банках і аптэках горада, гандлёвых крамах і заезджых дамоў пачатку ХХ стагоддзя. Наступным этапам стала наведванне музейна-педагагічнага занятку «Полацкая жаночая гімназія. Год 1910». У рамках гэтага мерапрыемства юныя палачане пазнаёміліся з арганізацыяй і асаблівасцямі навучальнага працэсу ў адным з прэстыжных навучальных устаноў павятовага горада.

Пад кіраўніцтвам Марыны Міхайлаўны навучэнцамі была напісана навукова-даследчая праца «Гісторыя аднаго дома». Мэтай дадзенай працы было пазнаёміць дзяцей з гістарычнай і культурнай спадчынай горада, месцам і роляй Доміка Пятра І у гісторыі г. Полацка. Запамінальным момантам у даследаванні навучэнцаў стала сустрэча з вядучым навуковым супрацоўнікам НПГКМЗ Салаўёвым Аляксандрам Аляксандравічам, які непасрэдна прымаў удзел у маштабных рамонтна-рэстаўрацыйных работах у 2010-2012 гг.

Стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» запрашае да супрацоўніцтва і іншыя навучальныя ўстановы Полаччыны. Будзем рады бачыць Вас у нашым музеі!

668