Прадметы побыту

Фаянсавыя вырабы «Таварыства вытворчасці парцалянавых і фаянсавых вырабаў М. С. Кузняцова»

У тэматычным комплексе «Заезжы дом» экспануюцца фаянсавыя вырабы «Таварыства вытворчасці парцалянавых і фаянсавых вырабаў М.С. Кузняцова». У пачатку ХХ ст. на васьмі фабрыках гэтай фірмы выраблялі разнастайны асартымент сталовага, чайнага, сервізнага посуду, адзінкавыя парцалянавыя вырабы. Пяць прадметаў (падліўнік, талеркі, гарчычніца, супавая міска) з музейнага збору ўяўляюць сабой сталовы посуд для шырокага спажывання. Вядома, што супавая міска была выраблена ў с. Пясочнае Яраслаўскай губерніі Расійскай імперыі. У 2015 г. экспазіцыя дапоўнілася талеркай для другіх страў фаянсавай фабрыкі «Таварыства М. С. Кузняцова» у Будах Харкаўскай губерніі Расійскай імперыі. Выраб быў набыты вядучым навуковым супрацоўнікам НПГКМЗ А. А. Салаўёвым ў антыкварнай краме ў г. Віцебску і перададзены ў дар музею. Астатнія прадметы адносяцца да позняга перыяду гісторыі кузняцоўскіх фабрык, бо клеймы не ўтрымліваюць звестак аб месцы іх вытворчасці.

Чайніца «Таварыства Перавалава, Шчаўкунова, Мяцелевых і К»

Фаянсавая чайніца для захоўвання заваркі вытворчасці «Таварыства Перавалава, Шчаўкунова, Мяцелевых і К» (1902 - 1911 гг.) нядаўна паступіла ў музейны збор. Фабрыка была заснавана братамі Даніілам і Піліпам Перавалавымі ў с. Вузкі Луг Іркуцкай губерніі. У канцы XIX-пачатку XX стст. яна стала адным з найбуйнейшых парцалянавых прадпрыемстваў Сібіры, якое выпускала высакаякасны посуд. Майстры фабрыкі распрацавалі арыгінальны дэкор вырабаў (фігурная лепка ручак, размаляванае золата, надглазурныя і падглазурныя фарбы, пурпур) з перавагай расліннага арнаменту (выявы кветак васількоў, макаў, братак і інш.).