Часопісы «Детское чтение» і «Юная Россия»


Часопісы «Детское чтение» і «Юная Россия» па праву лічацца аднымі з лепшых дзіцячых часопісаў XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. Папулярны часопіс «Детское чтение» выдаваўся на працягу 35 гадоў, і ў 1906 г. быў перайменаваны ў «Юную Россию». Кожны нумар штомесячнага ілюстраванага часопіса для сям'і і школы ўтрымліваў апавяданне або аповесць, нарыс аб прыродзе, гістарычныя матэрыялы, практычныя парады юным садоўнікам і сябрам жывёл, рэцэнзіі на дзіцячыя кнігі, займальныя гульні і задачы. Адказы на ўсе заданні змяшчаліся ў канцы наступнага нумара часопіса. У выданні друкаваліся аповесці, апавяданні і зборнікі вершаў рускіх і замежных аўтараў (Г.Х.Андэрсэна, С.Ц.Аксакава, Ч.Дыкенса, Дж.Лондана, А.М.Пляшчэева, М.Твэна, А.К.Талстога, Л.М.Талстога і інш.) Часцей у часопісе можна было сустрэць не пераклады, а пераказы твораў замежных аўтараў, напісаныя даступнай для дзяцей мовай.