Усё пачынаецца з кахання…

14 лютага 2023 года ў ніжняй зале стацыянарнай выставы «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» адбылася музычна-паэтычная сустрэча «Усё пачынаецца з кахання…». Мерапрыемства, у якім злучыліся паэзія і музыка, стала сапраўдным святам для палачан розных пакаленняў.

Паэтычны вечар адкрыла Вера Андрэеўна Пелых – чалавек нястрымнай энергіі і рознабаковых інтарэсаў, якая ўмее зарадзіць усіх навокал сваім пазітывам. Яна прачытала вядомы твор Роберта Раждзественскага «Всё начинается с любви…».

Бардаўскія песні пра каханне і чалавечыя ўзаемаадносіны прагучалі ў выкананні Юрыя Шчарбакова і Ліліі Чарняўскай. Яркім нумарам вечара стала выступленне Ганаровага грамадзяніна горада Полацка – Уладзіміра Сцяпанавіча Тачылы, які чытаў вершы як вядомых паэтаў, так і ўласнага сачынення.

Заключным акордам вечара стала дэманстрацыя мастацкага кароткаметражнага фільма «Пра каханне». А пасля ўсе прысутныя былі запрошаны пакаштаваць гарбаты з зёлак.

Музычна-паэтычны вечар прайшоў у надзвычай цёплай атмасферы, а большасць удзельнікаў выказалі пажаданне праводзіць падобныя мерапрыемствы часцей.

509