
У лютым у вучняў 2-х класаў полацкіх школ з’явілася ўнікальная магчымасць даведацца шмат цікавага пра гандаль у Полацку пачатку ХХ ст. Тыя, хто наведаў музейныя заняткі «За пакупкамі ў лаўку Мінца», змаглі: патрымаць у руках сапраўдны «прас з душой», высветліць, што прадавалі ў каланіяльнай лаўцы, як гандлявалі ў Полацку марожаным, а таксама прымерыць на сябе ролю «спецыяліста» па пранасцях і мануфактурных вырабах. Дзеці з ахвотай прымалі ўдзел у гутарцы з навуковым супрацоўнікам, выказвалі свае думкі, які імпартны тавар паступіў ў полацкую гандлёвую краму і чым адрозніваліся банкноты 100-гадовай даўніны. У канцы заняткаў школьнікі рашалі філворд, а сюрпрызам для іх стала ўзнагароджванне пераможцаў гульняў стэрэакарцінкамі з відам Мікалаеўскага сабора.