Столік для рукадзелля


Важным урокам для вучаніц з 1-га па 7-ы клас было рукадзелле, мэтай якога было навучэнне дзяўчынак «рознага роду жаночым работам». На ўроках гімназісткі вучыліся браць меркі, кроіць, шыць і вязаць. За ўвесь курс навучання вучаніцы асвойвалі кройку і шыццё дзіцячай і жаночай сукенкі і бялізны.

На ўроках выкарыстоўваўся спецыяльны столік для рукадзелля. Столік ручной работы, прадстаўлены ў экспазіцыі, зроблены ў Расійскай імперыі ў другой палове XIX стагоддзя. Ён мае нахіленую стальніцу на фігурнай ножцы і шуфлядку для швейнага прыладдзя.