Бутэлька з-пад алкагольнай прадукцыі «SZUSTOW»


У пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі папулярнасцю карысталася алкагольная прадукцыя «Таварищества Шустова съ сыновьями» - аднаго з буйнейшых вытворцаў спіртных напояў у Расіі пачатку XX стагоддзя. Заснавальнікам кампаніі быў былы прыгонны селянін Мікалай Лявонцьевіч Шустаў. Яго нашчадкі мелі заводы ў многіх гарадах Расіі, на якіх выпускаліся віно, наліўкі, лікёры па ўласных рацэптах. Пасля набыцця фірмай у 1897 годзе Ерэванскага і Адэскага каньячных заводаў у асартыменце кампаніі з'явіўся каньяк, за які ў 1900 годзе ўладальнікам было прысуджана Гран-пры на сусветнай выстаўцы ў Парыжы. Да пачатку 1914 года фірма Шустава кантралявала асноўную долю продажу спіртных напояў у Расіі.