У XIX - пачатку ХХ стагоддзяў абрус быў абавязковым элементам сервіроўкі стала ў прадстаўнікоў практычна ўсіх саслоўяў. У гарадах абрусы выраблялі са шчыльнага ільну або баваўнянага палатна на тэкстыльных прадпрыемствах.
У 1881 г. на адной з заходнееўрапейскіх фабрык быў вытканы абрус, прадстаўлены ў экспазіцыі. Выраб упрыгожаны вытанчаным раслінным арнаментам з лугавых траў і палявых кветак. Падобныя ўзоры ў стылі мадэрн панавалі ў заходнееўрапейскай тэкстыльнай вытворчасці ў канцы XIX стагоддзя. Такія ўзоры выкарыстоўваліся таксама ў афармленні інтэр'ераў гарадскіх дамоў і мэблі.