Дом гарадскога галавы М.В.Ласковіча


Мікалай Восіпавіч Ласковіч нарадзіўся ў 1858 годзе ў сялянскай сям'і. Ужо ў сталым узросце, у 28 гадоў, Мікалай скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Малады настаўнік набіраўся педагагічнага вопыту ў павятовых вучылішчах: выкладаў матэматыку і геаграфію, а пазней перадаваў яго будучым настаўнікам у Маладзечненскай настаўніцкай семінарыі ў якасці настаўніка гісторыі і прыродазнаўства. У 1894 годзе лёс звязаў Мікалая Восіпавіча з Полацкам, дзе ён заняў пасаду выкладчыка ў мясцовай настаўніцкай семінарыі. З цягам часу вопытны педагог пачаў сумяшчаць працу ў семінарыі з выкладаннем у Полацкай жаночай гімназіі. У 1908 годзе Мікалай Ласковіч быў зацверджаны Віцебскім губернатарам на пасадзе гарадскога галавы, якую займаў да 1915 года. Яму падпарадкоўваліся гарадская дума і гарадская ўправа. З жонкай Марыяй Амосаўнай, з якой ён ажаніўся ў 57-гадовым узросце, Мікалай Восіпавіч меў сына Сяргея і дачку Веру. Двухпавярховы мураваны асабняк, дзе жыла сям'я Ласковічаў, захаваўся да нашых дзён.